Вобраз маці ў паэзіі Р. Барадуліна

Подробнее

Размер

88.18K

Добавлен

07.03.2023

Скачиваний

19

Добавил

Наталья
Текстовая версия:

Змест

Уводзіны…..………………………………………………………………….........3

Р. Барадуліна………………..................................................................................10

Барадуліна-творцы………………………………………………………………14

3 Услаўленне маці – лейтматыў паэзіі Р. Барадуліна………………………..19

Заключэнне……………. ………………………………………………………..22

Спіс выкарыстаных крыніц…………………………………………………23

Уводзіны

Становішча Беларусі на мяжы традыцый заходняга светабачання, асновай якога з’яўляецца Бацька, і ўсходняга, асновай якога з’яўляецца Маці, абумовіла ўзнікненне пэўнага рэгіянальнага нацыянальнага (славянскага) жаночага архетыпа. З адным са сродкаў выяўлення якога з’яўляецца літаратура. Архетып сфарміравалі некалькі фактараў: элементы язычніцка-хрысціянскага (часткова ісламскага і іўдаісцкага) светабачанняў і, як вынік, матывы ўседаравання, непраціўлення злу насіллем, якія выражаюцца ў наданні архетыпу жанчыны-маці характарыстык высокай духоўнасці, вернасці блізкім і свайму роду (народу).

Шматгранныя праявы архетыпу жанчыны-маці знайшлі сваё адлюстраванне не толькі ў масавай свядомасці, але і ў мастацкай літаратуры. Вобраз жанчыны ўвабраў у сябе і рысы самога архетыпу як абагульненага аб’екта мастацкага пазнання свету, і суб’ектыўныя, адметныя характарыстыкі, нададзеныя яму як аўтарам так і рэцыпіентам – носьбітам сваёй уласнай індывідуальнасці. Жанчына-маці ўспрымаецца як выразніца нацыянальнай адметнасці (бо, паводле сведчання этнографаў, нацыянальнае выяўляецца менавіта ў «жаночай справе» – прыгатаванні страў і выхаванні дзяцей), як увасабленне паняцця роднага кута, як вобраз, што асацыіруецца з роднай мовай, «матчынай мовай», як прырода-маці, якая дала жыццё зямлі і чалавеку на ёй [1, с. 63].

Рыгор Барадулін з’яўляецца адным з тых таленавітых паэтаў, хто на пачатку 60-х гадоў абудзіў масавую цікавасць да паэзіі. Крытыка шмат пісала пра барадулінскую творчасць. Нават існуе меркаванне, што ледзь не ўсе яго творы разабраны на цытаты і пра іх, ледзь не ўсё сказана, вытлумачваючы сказанае яркай акрэсленасцю таленту.

У паэзіі Барадуліна сутнасна раствараецца пераемнасць традыцыйнага і наватарскага. Наватарства Барадуліна – з вышыні набытага вопыту, ва ўменні заставацца самім сабою, прычым не ў самапаўтарэнні, а ў адкрыцці новага сябе.

Астравух А. адзначаў, што Вобразу маці ў сваёй лірыцы паэт удзяляў асобую ўвагу [2, с. 5] .

В. Тарас адзначаў, што вобраз маці пранізвае, асвятляе і асвяшчае ўсе кнігі Р. Барадуліна. Маці – нязменная муза паэта, якая натхняе і жывіць усю барадулінскую творчасць. Вобраз Акуліны Андрэеўны амаль цалкам узяты з натуры, праходзіць праз усё жыццё Барадуліна. Са слоў В. Быкава, вобраз маці паэта сведчыць пра сілу сыноўняй любові – можа, самай самаадданай любові ў сучаснай беларускай паэзіі [3, c. 4].

Самае дарагое і запаветнае для Р. Барадуліна ўвабраў у сябе вобраз маці. “Над усім, што перадумана, што ўжо сказана, як сімвал паглыбленасці ва ўнутраны свет чалавека, сімвал роздуму над бясконцасцю і вечнасцю Сусвету, як крытэрый маральна-этычнай патрабавальнасці, чалавечай дабрыні ўзыходзяць матчыны вочы. Іх то ласкава-задуменны, то строгі пагляд прысутнічае ў кожнай кнізе паэта. Разважліва і патрабавальна глядзяць яны з супервокладкі кнігі «Неруш», «Сузор'ямі» дабрыні і святла бачацца мацярынскія вочы ў кнігах «Свята пчалы», «Абсяг» і «Вечалле» [4, c. 73]як адзначае даследчык творчасці Р. Барадуліна Л. Гарэлік.

На думку Я. Шпакоўскага нідзе і нікому, нават М. Рубцову, які завабіў чытацкі свет вясковай тэмай, не ўдалося так прачула і глыбока сказаць пра матчыну хату, як Барадуліну, бо для Барадуліна матчына хата – сімвал радзімы, з якой, калі страціш сувязь, перастаеш існаваць як чалавекнацыянальна вызначальная асоба [5, c. 89].

А. Рагуля зрабіў выснову, што Пакаленне, да якога належыць Рыгор Барадулін, выжыла ў гады вайны дзякуючы мацярынскай самаахвярнасці” [6, c. 149].

Пры выбары вобразаў будучага твора пісьменнік звычайна кіруецца сваімі поглядамі, інтарэсамі і густам. Існуе вобраз, які прысутнічае ў творчасці кожнага пісьменніка, – вобраз маці, які ўвасабляе самага дарагога чалавека ў жыцці. Вобраз маці – клапатлівай, пяшчотнай, самаадданай – авеяны найвышэйшай паэзіяй. Пісьменнікі звяртаюцца да гэтага вобразу зноў і зноў, таму што ён невычэрпны, як матчына каханне.

Мэта курсавой работы – прааналізаваць вобраз маці ў паэтычных творах Р. Барадуліна.

Задачы даследавання:

Практычная значнасць атрыманых вынікаў: матэрыялы і вынікі даследавання могуць быць выкарыстаны пры распрацоўцы заняткаў і спецкурсаў па беларускай літаратуры, на школьных факультатывах, а таксама пры напісанні рэфератаў па дадзенай тэме, пры падрыхтоўцы да практычных заняткаў па творчасці беларускага пісьменніка Р. Барадуліна ў вну, пры напісанні новых курсавых, дыпломных работ і рэфератаў пра паэта.

1 Асаблівасці вобраза маці ў беларускай літаратуры

Вобраз маці з'яўляецца традыцыйным у беларускай літаратуры. Яму служаць паэты ў ланцугу пакаленняў. Гэты вобраз бярэ свой пачатак у міфалогіі і фальклоры, дзе маці з'яўляецца сімвалам жыцця, сімвалам вечнасці. Паэтызаваны вобраз маці Я. Коласа з “Новая Зямлі, рамантызаваны Янкам Купалам, трагічна ўзвышаны ў паэме Пятруся Броўкі “Голас сэрца”. Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Ніл Гілевіч, Яўгенія Янішчыц, Максім Танк, Янка Сіпакоў часта звярталіся да паэтызацыі вобраза маці. У іх маці выступае захавальніцай чыстага дзіцячага свету, разважлівай дарадчыцай і клапатлівай гаспадыняй, як эпіцэнтр хатняга цяпла і выгоды. Варта адзначыць, што ў асацыятыўнай блізкасці да гэтага персанажу часта сустракаюцца іншыя глыбока напоўненыя вобразы, якія адцяняюць і падкрэсліваюць высокі ўнутраны сэнс мацярынства. Гэта, напрыклад, вобраз хлеба як увасаблення дабрабыту ў вершы А. Вярцінскага “Маці пячэ хлеб”, блінцоў – старажытнага сімвала сонца у раздзеле “Раніца ў нядзельку” у “Новая зямля” Я. Коласа, каравая – сімвала ўрадлівасці, месца хатняга духу, ураджаю і г. д.

Творы пра вайну напоўнены глыбокім унутраным антаганізмам, дзе асабліва ярка праяўляецца проціпастаўленне мацярынства як увасаблення той чалавечай сілы, якая можа дарыць жыццё, і вайны як нечалавечай сілы, разбуральнай і выродлівай яе. Так, вобраз маці-паланянкі ў паэме-рэквіеме П. Броўкі “Голас сэрца напоўнены сапраўдным трагічным пафасам. Невырашальны ўнутраны канфлікт узнікае ў душы галоўнай гераіні апавядання В. Быкава “Сваякі”, так званае “мацярынскае мысленне” няздольнае прадбачыць і ўявіць сабе магчымасці жорсткага і бессэнсоўнага забойства яе дзіцяці.

Дзесяткі лёсаў жанчын, кінутых у пекла вайны, сабраны ў кнізе С. Алексіевіч “У вайны не жаночае аблічча”. Са старонак гэтай кнігі паўстаюць лёсы жанчын-франтавічак, падпольшчыц і партызанак. Медыкі, сувязісты, сапёры, лётчыкі, стралкі, вадзіцелі, яны прайшлі праз усе выпрабаванні жорсткага часу. “Не жаночая гэта доля – забіваць” – пагаджаемся мы з гераіняй гэтай кнігі. Але вайна, у якой зусім не жаночы твар, прымусіла ўзяцца за зброю жанчыну, якой прыродай прызначана даць жыццё.

Маці заўсёды жадае шчасця свайму дзіцяці, але, на жаль, бывае так, што знойдзецца сын ці дачка, якія адмовяцца ад сваёй маці, той, якая дала ім жыццё. У аповесці С. Грахоўскага “А маці не спіць галоўны герой Павел Кастрыцкі кінуў сваю маці, пакінуўшы яе без кута і грошай. Гераіня бачыць сваю віну ў тым, што яе сын стаў эгаістам, стаў цурацца яе, але яна па-ранейшаму любіць яго.

Вышэйшая ступень чалавечай пакуты і самае страшэннае пакаранне, згодна нашай літаратуры, – гэта асэнсаванае адмаўленне ад маці (апавяданне З. Бядулі “На Каляды к сыну”, верш П. Багрыма “Зайграй, зайграй, хлопча малы…”) і ад свайго дзіцяці (раман В. Адамчыка “Чужая Бацькаўшчына”), смерць ці падмена дзіцяці (раман І. Мележа Подых навальніцы”, аповесць М. Гарэцкага “Дзве душы”).

У творах, дзе галоўны герой страчвае маці, дзе ён сірата ці падчарка, або няродны сын, адлюстроўваецца духоўная дысгармонія і глыбокая трагедыя. Такім чынам, у наяўнасці ўскоснае зацвярджэнне агульнавядомай ісціны аб важнасці ролі маці ў росце і сталенні чалавека.

Шэсце да неўміручасці гэта пакутніцкі шлях на Галгофу брылёўскай гераіні з апавядання “Маці. Трымаючы свае худыя, так  мала ў жыцці цалаваныя рукі” [7] з мазалямі да мазалёў, маці моліцца як за чужых дзяцей, з якімі зрадніў яе лёс, так і за сваіх уласных. Подзвіг маці стане і дакорам, і напамінам усім дужым пра тое, што ёсць праведнікі, якія ўзыходзяць на Галгофу, каб уратаваць свет. Пісьменнік лічыць, што подзвіг маці успамінаць будуць нават дужыя людзі, выганяючы з душы апошні страх [7] перад бітвай са злом.

Філасофскай назвай аднаго з сваіх апошніх зборнікаў «Евангелле ад мамы» Р. Барадулін сцвярджае ісціну аб тым, што Божыя запаведзі запісаны ў сэрцы кожнага з самых першых хвілін жыцця. І пішуцца мамай [8, с. 8]. У беларускай літаратуры ёсць шмат евангельскіх вобразаў маці, якія змаглі напоўніць святлом душы сваіх дзяцей і напісаць для іх Евангелле. І гэта і гераіні твораў А. Вярцінскага (“Заазер’е”, “Маці пячэ хлеб”), i Куліна з аднайменнага верша Р. Барадуліна, і маці з паэмы П. Броўкі “Голас сэрца”.

Асаблівай эстэтычнай сілай уздзеяння валодае вобраз Ганны з паэмы Я. Коласа “Новая зямля”. Гэты вобраз увасабляе пісьменніцкі ідэал жанчыны, жонкі і маці, нястомнай працаўніцы і захавальніцы сямейнага ачагу. Не можа не здзіўляць такт гэтай простай сялянкі, тонкасць яе натуры і багацце яе душы. Ад яе залежыць духоўнасць усёй сям'і: цеплыня, шчырасць і лад усё ад яе і праз яе. Яна носьбітка народнай мудрасці і маралі, яна носьбітка вечнасці: традыцый, звычаяў. Яе любяць і шануюць усе ў сям’і, і першы прыклад павагі і пашаны да яе дае дзецям Міхал. Стаўленне да маці, любоў і павага да яегэта выключны паказчык духоўнасці кожнага чалавека. Пазіцыя жанчыны-маці гэта люстэрка грамадства. Многія пісьменнікі звяраюць сваіх персанажаў з іх стаўленнем да маці. На жаль, многія героі не вытрымліваюць гэтага выпрабавання. Не любоў, удзячнасць і пяшчоту, а эгаізм, чэрствасць і чорная няўдзячнасць у адносінах да самага блізкага чалавека выпраменьваюцца з душы. Яны не родныя дзеці, нават не пасынкі, а нелюдзі і монстры паўстаюць перад чытачом. У З. Прыгодзіча ёсць аповесць з сімвалічнай назвай “Ноч перад нядзеляю”. Даследуючы лёс самаадданай маці, якой дзеці адплацілі чорнай няўдзячнасцю, пісьменніца б’е трывогу, папярэджвае аб дэградацыі грамадства.

З. Прыгодзіч, В. Карамазаў, А. Дудараў і многія іншыя пісьменнікі сучаснасці папярэджваюць усіх нас, што мы ўжо на парозе, які нельга пераступаць, што гэта не толькі вечар, але і ноч, пасля якой раніца можа і не наступіць. Сімвалічна вяртанне Сцяпана да маці пасля дзяльбы кабана (апавяданне В. Карамазава “Дзяльба кабанчыка”). Вяртанне да мацігэта одум, абуджаная сумленне, выратаванне душы. Вяртанне да мацігэта вяртанне да духоўнасці, якой грэбавалі, якая была адкінутая як непрыстойнасць у мітусні і воблаку. Такім чынам, з вышэйсказанага мы бачым, што адной з выяваў жаночага вобраза з’яўляецца вобраз маці як роднага чалавека, як жыватворчага стрыжня, духоўнай апоры як у паўсядзённым жыцці, так і ў жыцці літаратурнага персанажа.

Творчая сіла мацярынскага пачатку вызначаецца пісьменнікамі. Так, у паэме “Варшаўскі шлях” А. Куляшоў пачатак творчай здольнасці А. Твардоўскага бачыць у “душы жняца, якой надзяліла яго маці-сялянка. Вобраз маці асацыюецца з веданнем асноў жыцця, унутранага ладу душы чалавека, высокіх каштоўнасцей, адна з якіх разглядаецца як неад’емная частка сутнасці маці – родная мова.

У п’есе Я. Купалы “Тутэйшыя” здрада роднай мове Мікітам Зносакам прыводзіць да здрады свайму народу і ўрэшце – самому сабе. Гануля – маці Мікіты – з’яўляецца правадніком ідэі “тутэйшасці”, яна з апошніх сіл змагаецца за сынаву душу, з яе вуснаў у творы гучыць беларускае слова. Адным са сродкаў, які можа вярнуць чалавеку яго ўласнае “я” (як чалавечае, так і нацыянальнае), выступае слова “маці” і ў лірыцы. Мова маці, як і яна сама, увасабляе ў сабе высокамаральную сувязь з роднай зямлёй, гэта “любай Маці-Радзімы вячыстае слова” (Ніл Гілевіч) [9], невычэрпная крыніца любові і беларускасці, якая ахоплена калыханкамі, песнямі пра ўраджай, без якіх “свет шырокі зрабіўся б цесен” (М. Лужанін) [10].

Слова маці – гэта і першая жыццёвая школа, і “народа душа і народа хвала” (А. Бачыла) [11]. Яна таксама звязвае вобразы Маці і Беларусі ў А. Русецкага (“з ёю стаў бязмежна дарагім нам абшар бязмежнае Радзімы) [12]. Ідэя нацыянальнай мовы як калыскі жыцця ў С. Дзяргая і А. Вечара асацыюецца з вобразам маці, песня і мудрая казка якой з дзяцінства былі побач з усімі. Ролі маці і мовы часта семантычна блізкія: абодва выхоўваюць новага чалавека, дапамагаюць рэалізаваць сябе як асобу, з'яўляюцца школай пазнання свету, гэта амаль раўназначныя назвы духоўнага адзінства чалавечага лёсу і лёсу роднай зямлі.

Маці і родная мова звязваюць кожнага чалавека з зямлёй, якую ён называе радзімай:

І тым заўсёды ганаруся,

што ў шчаслівейшую пару

я нарадзіўся ў Беларусі

і так, як маці, гавару. – С. Грахоўскі [13].

Параўнанне Радзімы і маці знайшло свой адбітак у многіх літаратурных творах: М. Багдановіч называе Беларусь маці-краінай (верш “Пагоня”), лірычны герой А. Гаруна адчувае сябе сынам сваёй роднай зямлі (зборнік “Матчын дар”), вобраз сялянскай маці пашыраецца па сэнсе да ладу ўсёй Радзімы ў апавяданні Я. Брыля “Маці”. Сімвалічны вобраз забытай сынам і бацькам маці з драматычнай паэмы Я. Купалы “Сон на кургане”, трагічны лёс якой звязаны з суровымі выпрабаваннямі Беларусі. Гэтую думку працягвае У. Караткевіч у рамане “Каласы пад сярпом тваім”. Здаецца, што назва адлюстроўвае сэнс мацярынскай ахвяры Беларусі (“зжатымі каласамі” – сваімі сынамі) падчас паўстання 1863-1864 гадоў дзеля новых, ненароджаных пакаленняў (“новай руні”, якая вырасце з сабранага збожжа), які знаходзіцца ў кнізе.

Такім чынам, можна сказаць, што ў беларускай літаратурнай традыцыі прасочваецца відавочная тэндэнцыя праводзіць змястоўныя паралелі паміж вобразамі Маці і Радзімы. Гэта выяўляецца ў праекцыі матчыных якасцяў –ахвярнасць, адданасць, клопат пра лёс сваіх дзяцей (раман Н. Гілевіча “Родныя дзеці”), уменне знітаваць зямлю і народжаных на ёй гучнымі струнамі роднай мовы, сілай сваёй духоўнай творчасціда больш шырокага вобразу Радзімы. Вобраз маці скразны для ўсёй беларускай літаратуры. Кожны пісьменнік і паэт апісвае і ўвасабляе гэты вобраз па-свойму.

2 Вобраз маці ў паэзіі Рыгора Барадуліна

Рыгор Іванавіч Барадулін – паэт шматгранны і нават у нейкай ступені непрадказальны ў сваёй творчасці. У яго ёсць тэмы і праблемы, якія сталі хваляваць  яго толькі апошнія гады, ёсць такія, што былі яму асабліва блізкія  нейкі час, ёсць і такія, што хвалююць яго ўвесь час, прасякаюць усю яго творчасць. Радзіма, мова, маці – ад “Маладзіка над стэпам”, першага яго зборніка, да “Евангелля ад мамы” [14], апошняга па часе напісання, – абавязкова прысутнічаюць у творчай памяці паэта. Як непадзельнае трыадзінства ўяўляе гэтыя самыя дарагія для яго паняцці Р. Барадулін.

Вобраз маці ўпершыню ўзнікае ў цыкле вершаў “Трыпціх, у якім аўтар расказаў пра родную зямлю і яе працавітых гераічных людзей.

Трыпціх – гэта асэнсаванне прыналежнасці да роднай зямлі:

Ад бацькі свайго ў радню

Я атрымаў з дзяцінства

Шырокую далоню –

Тапарышча любое сцісну! [14, с. 75].

Рыгор Барадулін рос без бацькі, таму вобраз маці займае ў яго творчасці асаблівае месца. Маці ўвасабляе для яго ўвесь свет. Верш Веды – своеасаблівы гімн мацярынскай мужнасці, стойкасці, цярплівасці і мудрасці:

Малапісьменная

Паводле дадзеных глухіх анкет,

Мама смела ведала свет.

Дзіўлюся рознабаковасці ведаў

Маці –

Ведала, што для чаго

На небе,

У лузе,

У хаце... [14, с. 84].

У творах паказаны шматлікія аўтабіяграфічныя моманты з жыцця самога аўтара і яго маці, якая, рана застаўшыся ўдавой, павінна была ведаць усе навукі на свеце, каб выжыць і выгадаваць сына. Разам з тым Р. Барадулін стварае абагульнены, тыповы партрэт беларускай жанчыны – маці, без спрадвечнай мудрасці якой усе мы былі б “непісьменныя самыя, без якой немагчымае было б існаванне самой нацыі.

Для Барадуліна маці – гэта дабро і справядлівасць, спагада і жаль, чалавечая шчодрасць і самаахвярнасць. Таму адна з кніг Р. Барадуліна носіць назву Евангелле ад мамы. Яна пранізана дабравесцем, благаславеннем, бо маці – гэта пачатак жыцця, ідэал працавітасці, сумлення і дабрыні, зберагальніца маральных каштоўнасцей, выпрацаваных чалавецтвам на працягу вякоў.

У творах Барадуліна рэальны вобраз маці паступова перарастае ў адзіны вобраз Радзімы:

Мамы не стала – не стала Радзімы,

Дзе нарадзіўся старэць.

І падалася душа ў пілігрымы

З мараю маму сустрэць [14, с. 156].

Ад душы маці – вера ў Бога, а з вуснаў маці ідзе малітва. Маці адтуль прыносіць добрыя весткі. Маці апякуецца іх адной-адзінай святасцю: На ты лепей з богам і з маці [14, с. 145]. Р. Барадулін абагаўляе маці, вялікая любоў увасоблена праз вобраз маці боскай сутнасцю мацярынства: Спавядаюся прачыстай Маме [14, с. 158]. Благаславенне маці ўзмацняе спавядальныя матывы паэзіі Барадуліна. У Вечаровых пацерах паэта вобраз матчынай хаты, дому, шляху, дарогі знітаваны і сілкуюцца глыбокай падсветкай Бібліі:

І ўжо ні ў гасцях, ні дома –

Усе мы ў дарозе трывогі [14, с. 163].

Вяртанне да першародных вытокаў і паэтычнае ўвасабленне маці Божай як заступніцы за лёс народа – адна з галоўных рыс сучаснай беларускай паэзіі.

Такім чынам, вобраз маці займае адну з галоўных роляў у паэзіі Р. Барадуліна. Гэты вобраз глыбокапрачулы, вывераны, выпакутаваны. Гэта самае дарагое паняцце для паэта. Яно роднаснае, бо яно ўспрымаецца як жывая плоць, праз яго вымяраецца Р. Барадуліным сутнасць жыцця на беларускай зямлі.

2.1 Адметнасць ўвасаблення вобраза-сімвала маці ў духоўнай паэзіі Р. Барадуліна

Адметнай рысай творчасці Рыгора Барадуліна з’яўляецца разнапланавасць тэм і мастацкіх сродкаў увасаблення творчай задумы. Са зборніка ў зборнік лірычны герой паэта праходзіць паступовыя змены, а пісьменнік адыходзіць ад выкарыстання фальклорных матываў і звяртаецца да біблейска-філасофскіх тэм, так званага “духоўнага ачышчэння”: “Духоўнае ачышчэнне існасці лірычнага героя адбываецца праз дакрананне да святыняў маці, мовы, малітвы ў іх непадзельным трыадзінстве” [15]. Гэтыя вобразы добра адлюстраваны ў адным са знакавых зборнікаў паэта – “Евангелле ад Мамы”.

Вобраз маці ў беларускім і сусветным мастацтве займае адметнае месца, часцей за ўсе маці інтэрпрэтуецца як ахвярніца і заступніца [16], з’яўляецца сімвалам роднага краю, прыроды, хаты, мовы, нацыі. Гэты вобраз яскрава і запамінальна ўвасабляецца ў творчасці многіх беларускіх пісьменнікаў (А. Гарун, В. Вярба, Е. Лось, Н. Мацяш, Я. Янішчыц, А. Куляшоў, Я. Брыль і інш.). Цэнтральнае месца ён займае і ў паэзіі Рыгора Барадуліна.

У ранніх зборніках паэта вобраз маці метафарызуецца, атрымлівае цесную повязь з вуснай народнай творчасцю, што перадаецца праз фальклорны вобраз матчынай хаты, устойлівыя параўнанні маці з прыродай. А ў кнізе “Евангелле ад Мамы”, акрамя гэтага, ён становіцца сімвалам святасці, выразным маркерам шчасця, праз яго транслююцца філасофскія тэмы: жыцця, чалавечага прызначэння, роднага краю і мовы. Паралелі з радзімай мы можам убачыць нават у назвах вершаў (“У матчыным краі”, “Мамы не стала – не стала радзімы...”).

Так, у вершы “Ідылія” сярод іншых прыкмет безклапотнага, шчаслівага жыцця паэт згадвае пра “мамін голас”:

Мне мамін голас плыве здалёку

Хмурынай сэрцу, слязінай воку:

А ўжо кароўкі ля дуброўкі,

Дробныя статкі ў даліне,

Ты маладая яшчэ ў

Пярыне [17, c. 58].

Філасофскія матывы выразна выяўляюцца ў творы “Дзве”, у якім пісьменнік сакралізуе вобраз маці з дапамогай параўнання з неад’емнай часткай чалавечага жыцця, філасофскім феноменам:

Дзве жанчыны на свеце

Умеюць самаахвярна чакаць,

Гэта маці й старасць [17, c. 156].

Інтымна-асабістае ўспрыманне вобраза маці назіраецца ў вершах, што прасякнуты любоўю да Акуліны Андрэеўны, поўняцца сумам ад страты самага блізкага і роднага чалавека ў жыцці пісьменніка.

Паэт развівае тэму любові да сваёй матулі ў вершы “Дзякуй! Даруй” з дапамогай адметнай будовы – пачарговых паўтораў радкоў са словамі “дзякуй і “даруй”:

Даруй, што спазніўся

пачуць тваё апошняе слова.

Без цябе давялося мне

жыццё пачынаць ад Адама.

Даруй, што шчырасць тваю

выстуджваў, як сівер, сурова.

Дзякуй табе за жыццё!

Даруй за няўдзячнасць

МАМА [17, c. 154].

Менавіта маці перадала любоў Рыгору Іванавічу да беларушчыны і роднай мовы (“Ты ад маці, ты – матчына”), а вучоба на філалагічным факультэце, беларускамоўныя пераклады, стварэнне манаграфіі “Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна” [18] толькі гэта пацвярджае. Шанаванне мовы выявілася ў выкарыстанні адметных дыялектызмаў – родных для аўтара слоў.

Так, у творы “Дарожная граматыка” паэт па-майстэрску стварае характэрных персанажаў-іншаземцаў – з дапамогай сінекдахі і макаранічнай паэтыкі:

Абцас дакладны

Тут ступаў няраз,

Брук, як свайго, дапытваў:

Was ist das? [17, c. 64].

Р. Барадулін, як сапраўдны філолаг, дэманструе чытачам сілу мовы як спосабу зносінаў паміж людзьмі:

Чуючы цёмную сілу ў слове

І не дужа верачы ў словы свае,

Чалавек найменні дае

Сабаку, каню, карове.

Каб клікаць і смакаваць уладу:

– У хлеў, Лысоня!

– Лыска, на двор!

Ды, Усявышняга лепшы твор,

Чалавек не дасць сабе зладу [17, c. 88].

З вуснаў Маці бярэ вытокі не толькі мова, але і малітва. Гэта пацвярджаецца і назвай самога зборніка – “Евангелле ад Мамы”. Рэлігійна-філасофскімі матывамі прасякнута ўся позняя лірыка паэта. У кнігах “Anima”, “Ксты” Рыгор Барадулін сімвалічна перадае біблейскую гісторыю, паказваючы актуальнасць і значнасць многіх хрысціянскіх сюжэтаў.

Адметным у зборніку “Евангелле ад Мамы” з’яўляецца цыкл вершаў “Трыкірый”. Пачынае цыкл твор “Адгалоссе”, дзе пісьменнік адлюстроўвае не толькі прамое, але і сімвалічнае значэнне назвы “трыкірый”:

Трысвечча. ... Трыадзінства.

Трыпутнік.

Спрадвечча.

Пра донне.

Жыццё.

I раскрыжаваны пакутнік [14, c. 7].

Сімвалізм Р. Барадуліна ўзмацняецца формай вершаў: яны ўсе складаюцца з дванаццаці радкоў, нагадаем, што названая лічба з’яўляецца сакральнай (дванаццаць апосталаў, каленаў Ізраілевых і інш.), а таксама колькасць цыклаў “Трыпціха” (тры) – таксама сакральная лічба.

У творы “Следам Эклезіяста” адлюстроўваецца бачанне і асэнсаванне аўтарам зместу Бібліі: “Эклезіяст” распавядае чытачу пра вечны колазварот, марнасць зямнога жыцця, фатальнасць лёсу:

Усё – пачатак тла і лоўля дзьмушак,

I млоснасць духу – ўсё лухта лухты [14, c. 7];

Б’ецца над поплавам сноў

Белаю весткаю чаіца.

I на кругі свае зноў

Вецер з пакорай вяртаецца [14, c. 8];

Забыццё пасунецца саўма

Па сусветнай перамерзлай грудзе.

Кожны век, пазбыўшыся ярма,

Пра намеры добрыя забудзе [14, c. 8].

Па такім самым прынцыпе пабудаваны цыклы “Следам Прыповесцяў Саламонавых” і “Следам Апостала Паўла”, у якіх раскрываецца змест выбраных прытчаў з адпаведных біблейскіх кніг. Выбар прытчаў не выпадковы: іх тэмы блізкія аўтару, актуальныя і ў наш час:

Не мяняй свой куток на прастору чужую,

У прасторы чужой птушка гнёзды не ўе.

Пі ваду са свайго вадазбору і тую,

Што цячэ дамавіта са студні твае [17, c. 151].

Рэлігійным зместам поўніцца і цыкл “Вечаровыя пацеры”, што складаецца з вершаў-малітваў, якія звязаны з праблематыкай жыцця і смерці:

Тут кожны думае:

Свой сум растрачу

І зробіцца нявіннаю віна [14, c. 143];

Страх свой не абтрасеш, як прах.

Цяжка смерці зазірнуць у вочы.

На Галгофу далёкі шлях

Не чаканы,

Як сон сірочы [14, c. 145].

Рыгор Барадулін з дапамогай малітвы звяртаецца да Бога, каб выказаць клопат пра лёс дачкі і папрасіць дапамогі Ўсявышняга:

І на каленях аб адным малю,

Бо пачынаю адчуваць расстанне, –

Гасподзь,

Дачушку не забудзь маю,

Будзь Бацькам ёй,

Калі мяне не стане [14, c. 151152].

Такім чынам, варта зазначыць, што вобраз маці займае адметнае месца ў творчасці паэта. Маці з’яўляецца вобразам-сімвалам у духоўнай паэзіі Р. Барадуліна, своеасаблівай часткай існасці паэта. Вобраз маці становіцца сімвалам святасці, праз які транслююцца розныя тэмы. Вельмі добра гэта адлюстравана ў кнізе Р. Барадуліна “Евангелле ад мамы”. Маці для паэта з’яўляецца неад’емнай часткай яго жыцця.

Трэба дома бываць часцей [19, с. 215]узноўленая ісціна Р. Барадуліна, над сутнасцю якой неўладарны час. “Кaб не страціць святое штосьці” [19, с. 215]: гэтаесвятое i стала найістотнейшым акцэнтам у ягонай паэзіі: прычасце пахам падвялага аеру на памытай падлозе, глытком вады з вясковага калодзежа, сонным сенам”, настылай ад марозу клямкай. Ці ж не матчын (а значыць – спрадвечны, святы) запавет трэба дома бываць часцей? Менавіта таму ў свaix творах паэт зноў i зноў вяртаецца да матчынай хаты, на матчын парог – той назіральны пункт (як трапна заўважыў крытык Р. Бярозкін), з якога i “прасвечваецца” паэзія Р. Барадуліна праз стынь столькіх дзесяцігоддзяў. У Р. Барадуліна адчувальна моцны матыў вяртання да матчынай хаты, матчынага парогу. Бо задушэўная i пяшчотная аркестроўка тэмы радзімы праходзіць праз “мацярынства мацярык нязнаны”. Паэмы Вяртанне ў першы снег”, “Куліна” вяртаюць да існых вытокаў свядомага жыцця, і разам з тым у згаданых творах гучыць матыў адданасці кожнага “сваім Ушачам”.

Паэтызацыя роднага хатняга кутка, малой радзімы, якую ён на смак i навобмацак ведае, праходзіць праз усю творчасць паэта.

Вобраз маці Акуліны Андрэеўны амаль цалкам узяты з натуры, yбipae ў сябе знітаваныя вобразы малой радзімы (Ушаччыны) i радзімы-Беларусі. Вобраз маці пранізвае, асвятляе i асвяшчае ўсе барадулінскія кнігі. Маці – нязменная паэтава муза, якая натхняе i жывіць усю творчасць Р. Барадуліна, праходзіць праз усё паэтава жыццё. Паэт называе маці “вогнепаклонніцай”: з сівых часін была маці ашчаджальніцай агню, які абаграваў і карміў праз вякі. Бы жывыя, паўстаюць усе драбніцы горкага ўдовінага лёсу маці паэта, якая на папялішчы ставіла новую хату, дарабляючы яе ўсё жыццё. Нездарма ў уяўленні пісьменніка матчына хата – нібы летапіс народнага жыцця: тут дарагі кожны камень, кожны цвік.

“Трыпціх” натхнёны гімн матчынай хаце. У паэме Куліна вобраз маці ўвасабляецца ў вобразе Радзімы. Маці сумленне паэта (Сумленне ... завецца / Словам кароткім мама [19, с. 186]) і бясконцы напамін: як трэба жыць. Бо паэтава вандроўка-душа ведала дарогу да Нябеснага Гаспадара. На ты ён з Богам і Мамай:

Бога і Маму ў душы нашу,

Ступаю па грэшнай зямлі асцярожна [19, с. 185].

Бо Р. Барадулін як творца ведаў, што паэтаў судны дзень мусіць адбыцца тут, на гэтай грэшнай зямлі. Імкнуўся, каб сказаць людскае, неказённае, небарабаннае:

Мама,

Радзіма глядзіць на мяне

тваімі вачыма [19, с. 237].

Таму не паддаўся мане, помніў, чаму Мама вучыла:

Вучыла мяне ксціцца и

пакланяцца святой Нядзельцы,

бо Божанька, ён адзін, а

мяняецца, як надвор'е, улада [19, с. 153].

Святы адзіна-дадзены хатні трыпціх маці-матчына хата-Ушаччына ўзыходзіць у паэтавым разуменні да асэнсавання роднасных сімвалічных паняццяў матчына хата-парог-бацькаўшчына-дарога; жыта (хлеб)-жыццё-доля (лёс); радзіма-род-нашчадак-крэўнасць. Знітаваны гэтыя пракаветныя вобразы-сімвалы настолькі шчыльна, што ўспрымаюцца як непадзельнае цэлае.

Прадонная неабдымнасць духоўнага (найперш) і душэўнага свету маці Акуліны Андрэеўны жывіць у барадулінскім уяўленні згаданыя народна-сімвалічныя паняцці як знакі радаводнай памяці. Прызнаем, што душэўна-прачулы барадулінскі вобраз матчынай хаты адметны непадробным адчуваннем святасці і светласці жыцця, верай у невынішчальны дух гэтага спадчынна-духоўнага храма.

У храме паэзіі Р. Барадуліна ўсё святое: Маці. Мова. Беларусь. Яго паэзія малітва Беларусі, узрошчаная на Евангеллі ад Мамы:

Мама

Мая небадарная Біблія [14, с. 200].

Пад трохзор'ем гэтых святынь вывяраецца кожнае паэтава слова на жывучасць. Таму ўстойлівымі сімваламі барадулінскай паэзіі сталі матчына хата, матчын парог, матчына слова, матчына мова, матчына песня. Адметна, што вобраз Акуліны Андрэеўны нідзе не паўтараецца і з вершаў пра маці ў Рыгора Барадуліна ўвогуле можна скласці некалькі асобных цыклаў. Своеасаблівым знакам даравання-прычашчэння слугуе паэтава ліставанне са сваёй маці Акулінай Андрэеўнай, якой са шчырым замілаваннем сыноўняе сэрца пасылае сваю душу як самае каштоўнае, дарагое, трапяткое. Кніга-споведзь, кніга-запавет Паслаў бы табе душу: ліставанне Рыгора Барадуліна з мамай (1954-1971)(2009) адзін з рэдкіх узораў беларускага прыгожага пісьменства пра самаахвярную, мудрую ў будзённай канкрэтнасці і заўсёднай святасці любоў Маці да Сына.

Трэба аддаць належнае, барадулінская памяць маці, матчынага слова, матчынай песні выглядаюць удзячнай данінай захавання спадчыны (матчынай і народнай). Ці не праз маці – крэўную знітаванасць з вёскай, родам, зямлёй-карміцелькай узгадавана для паэта спадчына:

Песні жніўнай

смутак удоў [19, с. 178] і “галубіная мова матчына” [19, с. 179].

Матчыны песні акрылілі паэта, далучылі да народнай мудрасці, уткалі ў сувой яго паэзіі народнапесенную аснову:

Маці мяне купала,

Спявала пра ноч

На Івана Купалу [19, с. 176].

Падкрэслім, што праз матчыны песні ў Барадуліна адчуваецца сувязь не толькі крэўная, але і духоўная. Наогул, усё, што звязана з гэтым дарагім словам кароткім мама (матчына слова, матчына мова, матчына песня, матчына хата), з'яўляецца заўсёды для паэта яго суровай позвай сумлення.

Матчынай мовы слова святое, зорка матчынай мовы то ад маці ў спадчыну моўны скарб і песенны дар. Неацэнная заслуга ў перадачы генетычнага кода чуцця дух у мовы належыць ягонай маці, якая лісты пісала верлібрам. Паэт шчыра і годна прызнаецца:

Што не ведаю нічога без мамы,

Што без мамы

Я непісьменны самы! [19, с. 72].

Вяртанне ў неруш роднага слова, без якога сірата сіратою барадулінская стыхія. Свой жыццёвы вопыт, багаты прыродны дар і незвычайную чуласць да слова Акуліна Андрэеўна перадала ў спадчыну сыну, чаму паэт і называе яе стыхійна вялікім філолагам.

Светлае памяці мамы Куліны ахвяруе свой, але найперш мамін Вушацкі словазбор:Мова тады родная, калі яна пачута ад маці, калі кожнае слова сагрэта сэрцам матчыным... Мама перадала мне найвялікшы дар мову нашую крывіцкую з вушацкай падсветкай, з вушацкім прысмакам. Мова Вушаччыны сягае да паганскіх каранёў і да біблейскага неба... Калі запрашаў вушацкія словы на паперу, мне чуўся голас мамы Куліны, галасы маіх крэўных і блізкіх. Гэта мой наклон да зямлі тым, хто пялегваў праз вякі нашае самабытнае слова. Дзякуй табе, мама! [20, с. 96]. Таму з вялізнай патрабавальнасцю ставіцца Р. Барадулін да кожнага гука і слова, шліфуючы яго да першароднага бляску. Мове продкаў, нашай мове малітва паэта.

Духоўны вопыт фальклору ёсць частка барадулінскага жыццёвага вопыту. Менавіта з матчыным дыханнем, словам, спевам і плачам, урэшце, самым ладам жыцця (барадулінская максіма матчынай хаты) перадаліся Барадуліну-паэту зайздроснае адчуванне прыроднай раскаванасці народнага самабытнага слова, прачулы лірызм (жаночы пачатак фалькларыстычнага аспекту) яго паэзіі. Матчына мова, што ступала за паэтам ад калыханкі / да галашэння… [19, с. 86] эстэтычная жыццядайная крыніца барадулінскага слова. Таму сыноўняе сэрца біблію слова матулінага (іменна свяшчэнна непераўзыдзенае біблейскае) беражэ да скону, бо яно – слова – хлеб для душы яго.

Матчыны песні – увасабленне душы шчырухі-матулі, маці-вогнепаклонніцы, маці-карміліцы, маці-багіні, маці-ахвярніцы, і яны ж – увасабленне самога ўкладу жыцця ўшацкага, што жывіць вобразамі, народнапесеннымі скарбамі ёмістую густую насычанасць барадулінскага радка. Прыкладам творчага асэнсавання і захавання каларыту фальклорнай вобразнасці служыць цэлы цыкл варыяцый Матчыных песень, поўных мудрасці і святла, радасці і горычы, любові і суровай праўды. Матчыны песні адкрытая стылізацыя голасу маці, можна нават падкрэсліць сугучча голасу маці і голасу сына (апавядальнае і адлюстравальнае). На аснове аналізу Матчыных песень прасочваецца шматмернае індывідуальна-аўтарскае бачанне выяўленчай пластыкі народных песенных прыёмаў. Захаваны альбо новаствораны паэтам песенны лад і вобразнасць моцныя сваёй народнай тыповасцю і традыцыйнай народнай эстэтыкай. Паэма памяці Бяроза з лістам гаварыла” узор псіхалагічнай глыбіні і мастацкай дасканаласці светаразумення народнага і паэтавага. Твор раскрывае духоўна-паэтычную натуру маці быццам знутры – голасам маці прамаўляе паэт, з голасам маці пераклікаецца і ягоны голас, ад чаго створаныя карціны развітання прасякнуты шчымлівым пачуццём суму і самоты. Іншасказальны вобраз-сімвал бярозы – асноўны сродак мастацкай выразнасці ў дадзенай паэме. Вобраз маці-бярозы (устойлівы фальклорны вобраз) перарастае ў вобраз глыбокага трагічнага напаўнення. Паэма вылучаецца інтанацыйнай зладжанасцю і сугалоссем маналогаў і дыялогаў, якія бяруць на сябе кампазіцыйную арганізуючую ролю.

На ганках

Драмалі суботы [19, с. 80]шчыруе паэт у спавядальным маналогу, асацыятыўна напоўненым і падтэкставым сэнсам: субота – абагуленае ўвасабленне жаночай адзіноты. У некранутым дакорам дыялогу з родным борам, што стаіць смутны і дошак на труну / для маці даў, зямляча [19, с. 74], зязюляй баравін ушацкіх, што не схацела быць шчодрай у дзень нараджэння мамы; з самой маці, якая сурочыць тугу сыну-паэту, чуюцца незваротны боль і адчай, выказаць які паэт асмеліўся словамі матчынай песні. У радках песні маці скандэнсаваны боль і паяднанне маці-зямліцы (бо ці не маці і зямля – абедзве – нараджаюць, кормяць і, нарэшце, забіраюць да сябе ў сны і вечны дол?):

Грабовы дошкі

Сціснулі ножкі…

Сырая зямля

На сэрца лягла… [19, с. 79].

Паэма памяці Бяроза з лістам гаварыла … і Матчыны песні (а іх, заўважым, трэба чытаць і разглядаць у адзінстве) – нерукатворны помнік Маці-пакутніцы, шчыраўніцы, вогнепаклонніцы, жыццё якой гэта самаахвярнае гарэнне. У паэзіі Р. Барадуліна заўважны адчувальныя боль і драматызм расстання з родным чалавекам, трывога, ці здолее пранесці ў душы сваёй матчыны песні і запавет.

Спосаб жывапіснага выказвання, фразеалагізацыя народна-гутарковага, асмелімся прызнаць, бярэ пачатак, адштурхоўваецца ад матчыных показак, якія паэт аберагае і зберагае. У барадулінскім гучанні матчыны показкі маюць эмацыянальна-сцвярджальны тон:

А журавелькі паляцелі,

З сабой палудзень паняслі, –

Казала мама [19, с. 101],

А мама казала:

Хата рагата [19, с. 92],

Кабета надумала піва варыць

Ад мамы помню показку гэтую [19, с. 78],

I мама яшчэ казала,

Што свіння ў нас на панічоў [19, с. 66],

Слоў не хочацца кідаць на ўзвей

Вецер,

Як казала мама [19, с. 8485].

Барадулінская вернасць памяці матчынага слова узноўленыя ім Словы матчыны з Вушаччыны”, “З запазухі”, “Адным словам, Вушацкі словазбор”, “Песьні матчыны з Вушаччыны [21] і інш., якія ў пэўнай ступені актывізуюць невычарпальны слоўнік паэтавай мамы.

Такім чынам, маці з’яўляецца духоўным (моватворчасць) і душэўным (вобразатворчасць) арыенцірам для творчага вопыту Р. Барадуліна. Бо аратай зямлі бацькоў, якая дала яму права называцца сынам, свой жыццёвы шлях атаясамлівае з земляробчым, адвечным цыклам: На таку майго веку. Таму паэт у сваіх творах стала вяртаецца да маці. Барадулін узнаўляе родны вобраз у яго будзённай канкрэтнасці i адначасова святасці. Народныя песні для Барадуліна – даніна мацярынскага скарбу, выток ягонага народнага светабачання, моватворчасці.

3 Услаўленне маці – лейтматыў паэзіі Р. Барадуліна

Кажуць, што слова маці зразумелае на ўсіх мовах свету. Недарэмна мы называем беларускую матчынай мовай” – маючы на ўвазе, што яна самая родная. На жаль, сённяшнія маці, асабліва гарадскія, не заўсёды спяваюць сваім дзецям беларускія калыханкі. Але слынныя нашы літаратары, чыім стылем усе захапляюцца, зазвычай свой моўны скарб назапашвалі менавіта ў сям’і. І, карыстаючыся ім, стваралі вобраз маціадзін з самых яркіх у нашай літаратуры.

Паэт ніколі не забываўся пра родную старонку – Ушачы і маленькі хутар Верасоўка, дзе калісьці нарадзіўся ў далёкім зараз 1935 годдзе. Там Рыгора Барадуліна заўсёды чакала яго маці, Акуліна Андрэеўна. Менавіта любоў і павагу да маці можна ўбачыць у такіх творах Барадуліна, як “Святло”, “Памінаю маму…”, “Моўчкі”, “Веды” і інш.

Усё ідзе ад маці. Мая мама, паўтаруся, была самым вялікім філолагам. Ва ўсялякім разе для мяне. Дзякуючы маме і беларускай мове я нешта напісаў і, можа, яшчэ нешта напішу. Канешне, можна пісаць і на вывучанай мове, але гэта будзе ўжо сурагат. На вывучанай мове можна пісаць дэтэктывы, эротыку, а глыбінную паэзію, глыбінную прозу трэба пісаць толькі на роднай мове, матчынай. Яшчэ ў Бібліі сказана: Напачатку было слова. Я сябе адчуваў і адчуваю чаляднікам у беларускай паэзіі. Няма мовыняма паэта. Я ўсё жыццё абапіраўся на беларускую мову, на яе вушацкі варыянт, таму што ён для мяне самы блізкі, ён нейкі некрануты, першародны па чысціні сваёй. Мова – гэта мая апора [21].

Берагамі тугі

Валакуцца вятры талакой,

Цягнуць невад смугі,

I трапечацца ў ім заранка.

На хутар,

Дзе пасвіцца

Знелюдзелы спакой,

Стала моўчкі прасіцца

Душа хутаранка.

Там бакі папралежвалі

Маўчуны валуны.

Без сваяцкай душы

Ім самотна таксама.

Там вартуе дагэтуль

Бясхмарныя сны

I чакае бяссонная зорка —

Мама [18, с. 213].

Адну са сваіх кніг Рыгор Барадулін падпісаў так: “Маёй зязюльцы шэрай, маёй любай маме ад сына Грышы [22]. Мала ў каго з паэтаў была такая духоўная лучнасць з маці, як у Рыгора Барадуліназ Кулінай Андрэеўнай Барадулінай. Ён запісваў ад яе песні і выслоўі, адну са сваіх кніг назваў  Евангелле ад мамы”. У прадмове да сваёй кнігі “Вушацкі словазбор” пісаў: “Мама перадала мне найвялікшы дармову нашую крывіцкую з вушацкай падсветкай, з вушацкім прысмакам [22]. Калі пачалася вайна, бацька Рыгора пайшоў на фронт, Куліна гадавала сына адна, даводзілася хавацца ў лесе ад карнікаў – “Дзякуй, што ў блакаду цягала, як сваё кацянятка кошка [14, с. 244]. Потым, калі муж з фронту не вярнуўся, сама падымала сыночка, абшывала як не ўсю Вушачу, а сама была плюшаўцы рада.

Верш Завошта? паэт напісаў пасля смерці любай матулі:

Бывала, калі прыязджаў раньком,

На патэльні скварыліся скваркі,

Як грэшныя душы ў пекле.

Калі прыязджаў удзень,

З бакоўкі на стол не спазняліся

Паўднёвішняе малако

У ручасціку з адтапыранаю губой

І масла (каб не растаць ад радасці)

У хустачцы з лісцінкі капуснай.

Калі прыязджаў апоўначы,

Грукаў у шыбіну цёмную,

І зоркай каляднаю

Пад столлю загаралася лямпачка,

Гатовая загаварыць,

Намучыўшыся ў цемрыве.

Цяпер, калі б я ні прыязджаў,

Сустракае

То нясмелай яшчэ травою,

То спасаўскім яблыкам,

То здрыжэлым апошнім лістом,

То ганарыстым снегам

Вечная маміна хата.

А мама сама не выйдзе.

Завошта дагэтуль

На сына ў крыўдзе?

Я ведаю [17, с. 268].

Р. Барадулін вяртаецца да вобраза маці, які стаў стрыжнем ўсёй яго творчасці. Маці як сімвал і аснова жыцця ў самым шырокім сэнсе і канкрытны дарагі чалавек, які даў табе жыццё, вывеў са сцежкі маленства на вялікі зямны шлях і аберагае цябе нават адтуль з вечнасці. Так ужо павялося, што кожны чалавек за жыццё павінен прайсці спрадвечны круг ад калыскі, дзе ён няўцямна радуецца ласкаваму голасу маці, што спявае калыханку, яе цёплым вуснам на сваёй шчацэ, да нігілістычнай прыспешнай даросласці, якая ўжо часам стыдаецца гэтага пацалунку, а потым да той непазбежнай мяжы, на якой зразумее, адчуе, што такое свет без мамы. Гэты свой круг Р. Барадулін напаўняе словамі радасці, любові, удзячнасці, смутку і болю:

Мама,

Я пастарэў без цябе,

Для сцен адзіноты вырас.

Мне зараз твой зразумелы выраз:

Адзін як вока ў ілбе [17, с. 223].

Вобраз маці ўладна выводзіць паэта на шлях спасціжэння гісторыі Беларусі, свайго народа. Барадулін настойліва і таленавіта ўзнаўляе ў вершах і паэмах старонкі мінулага, постаці продкаў аратых, ваяроў, кніжнікаў. Прыгадаем такія з іх, як “Сафійка”, “Мая бацькаўшчына”, “На Беларусі...”, “Каменная балада”, “Радзімі, цябе не зламалі навалы...”, “Аплакалі вырай совы...”, “У вянок Мацею Бурачку”, “Цётка”, “Спадчына”, “Споведзь калосся”, “Вяртанне Максіма”, “Пліты”.

Такім чынам, Р. Барадулін услаўляе маці, адзначае, что ўсё ідзе ад яе. Што, дзякуючы маці, ён змог напісаць свае творы. Маці перадала паэту вялікі дар, якім з’яўляецца мова. З маці яго аб’яднала вялікая духоўнасць.



Заключэнне

Пісьменнік пры выбары жанру, тэмы, вобразаў будучага твора звычайна кіруецца сваімі поглядамі і інтарэсамі. Але ёсць вобраз, які жыве ў творчасці кожнага пісьменніка. Яго немагчыма пазбегнуць, таму што ён увасабляе самага дарагога чалавека ў жыцці – маці.

Вобраз маці, клапатлівай, пяшчотнай, самаадданай, авеяны найвышэйшай паэзіяй. Пісьменнікі звяртаюцца да гэтага вобразу зноў і зноў, таму што ён невычэрпны, як матчына каханне.

Вобраз маці – нацыянальны культурны сімвал, які не страціў свайго значэння і па сённяшні дзень. Яму служаць паэты ў ланцугу пакаленняў. Гэты вобраз бярэ свой пачатак у міфалогіі і фальклоры, дзе маці з'яўляецца сімвалам жыцця, сімвалам вечнасці.

Вобраз і тэма маці праходзяць праз усю творчасць Р. Барадуліна: ад яго першага зборніка да апошняга.

Розныя вобразы маці, створаныя Р. Барадуліным, узыходзяць да трох найважнейшых Божай маці, маці і Радзімы, якія выказваюць узнёсла-ідэальны, рэальна-бытавы і абагульнена-нацыянальны аспекты вобраза маці.

У паэзіі Барадуліна вобраз маці адрозніваецца глыбокай прачулай памяццю і набывае ярка акрэслены асабісты характар.

У большасці вершаў Р. Барадуліна вобразы Маці і Радзімы ўзаемазвязаны. Па-першае, маці і матчына хата (замест “бацькоўская хата”) (паэма “Матчына хата”), на думку Барадуліна, з'яўляюцца трыўмфам абсалютнай цэласнасці і сімвалам паразумення; маці застаецца жывой душой дома. Па-другое, з шчырым хваляваннем, сціпла і велічна Р. Барадулін называе яе (маці) – і нязменна толькі “мама (“Памінаю маму…”, “Святло”, “Моўчкі”, “Веды”). Па-трэцяе, маці паэта “стыхійна вялікі філолаг.

Перапіска Р. Барадуліна з маці – гэта споведзь душы, шчырая, гарачая, сыноўняя. Яго пісьмы – шчырая размова, паэтычны роздум пра родную краіну, волю, продкаў.

Для Р. Барадуліна маці гэта пачатак жыцця, ідэал чалавека, захавальніца маральных каштоўнасцей, увасабленне дабра і справядлівасці, спагады і жалю, чалавечай шчодрасці і бескарыслівасці. У радках многіх вершаў з'яўляецца вобраз маці паэта. Мацінязменная муза паэта, якая натхняе і сілкуе ўсю творчасць Р. Барадуліна.

Спіс выкарастаных крыніц